ПРЕДСТАВИТЕЛЬСТВО НАЦИОНАЛЬНОГО
ОЛИМПИЙСКОГО КОМИТЕТА
РЕСПУБЛИКИ БЕЛАРУСЬ
В БРЕСТСКОЙ ОБЛАСТИ
ДНЕЙ ДО
ОЛИМПИЙСКИХ ИГР
В Рио-де-Жанейро

Судьба спортивная

"СЕЛЬСКАЯ ПРАЎДА". "З алімпійскім святам"

Аўтар: Б. Кавальчук

ноябрь 2011г.

Аўтар гэтых допісаў мае жыццё надзвычай багатае на падзеі, насычанае памятнымі падарожжамі. Барысу Барысавічу Кавальчуку амаль восемдзесят, а выглядае жвавым, падцягнутым, бадзёрым для сваіх гадоў. Яго загартоўка — у службе на флоце (там набыў вельмі карысную прафесію авіяцыйнага механіка), у вугальных шахтах (дзе працаваў не адзін сезон). Пасля Львоўскага інстытута фізічнай культуры Б.Б.Кавальчук стаў трэнерам, прысвяціў жыццё выхаванню юных спартсменаў. Усім, асабліва маладым, і цяпер зычыць цягнуцца да фізічнай культуры, якая ўмацоўвае і душу, і цела.

Мінула ўжо больш трох дзясяткаў гадоў, калі ў жніўні 1980 года (дарэчы, напярэдадні свайго дня нараджэння) я вяртаўся з Масквы, дзе толькі што пагас факел ХХІІ Алімпійскіх гульняў, сімвал іх Мішка пад песню развітаўся з гасцямі і ўдзельнікамі спартыўнага відовішча.

Быў у захапленні ад сустрэчы з сапраўдным святам — непаўторнай казкай, якую бачыў на ўласныя вочы. Займаючыся з юнацкіх гадоў спортам, заўжды марыў наблізіцца да яго вяршыняў, “пабалець” за лепшых атлетаў краіны, Еўропы, свету на спаборніцтвах вышэйшых узроўняў.

У тыя летнія дні слова “Алімпіяда” было ва ўсіх на вуснах, усюды — сімволіка гульняў, размовы пра спартсменаў з усяго свету. Разумееце адчуванне, калі даведаўся, што сціплая мая просьба, дазволіць па турысцкай пуцёўцы наведаць алімпійскую сталіцу, задаволена абласным камітэтам спорту?! Быццам на крылах ляцеў у Брэст, дзе фарміравалася група ў паездку. У яе складзе было трыццаць прадстаўнікоў нашай вобласці. Ужо ў дарозе пасябравалі (людзей аб’ядноўвае агульная радасць!).

Масква ўразіла, як можа ўразіць казачная сталіца. Відаць, ніколі яна не была такой прыбранай і ўтульнай. Размясцілася брэсцкая дэлегацыя ў цудоўнай гасцініцы, са сталаваннем на шэсць рублёў з лішкам (у пяць (!) разоў больш, чым звычайны абед — столькі за раз і волату не з’есці!). Толькі ўладкаваліся, як нас чакала вялікая экскурсія па Маскве, дзе і сярод ночы людзі гулялі па вуліцах, не хваляваліся за сваё жыццё. Вядома, перад алімпіядай, як тады казалі, “за 101-ы кіламетр” выселілі ўсе “ненадзейныя элементы”. Але мяне ўразіла, што ў горадзе амаль зусім не засталося дзяцей. Аказваецца, і малых вывезлі на час спаборніцтваў у летнікі.

Ужо вечарам першага дня нас чакаў спарткомплекс “Алімпійскі”, дзе мераліся сіламі ў баскетболе зборныя каманды СССР і Бразіліі. На жаль, нашы спартсмены ў той сустрэчы прайгралі. Затым было “Ізмайлава”, дзе за медалі змагаліся штангісты, сярод іх — Васіль Аляксееў — шматразовы чэмпіён і рэкардсмен свету, які ўстанавіў 83 рэкорды (ніхто ў гісторыі спорту не здолеў пераўзысці дасягненне савецкага асілка). У спарткомплексе “Крылацкае” з цікавасцю назіралі за фінальнымі заплывамі алімпійскіх весляроў. Аднак найбольш перажывалі за земляка-берасцейца Барыса Ісачэнку, які страляў з лука. Барацьба была напружанай, наш спарт-смен увесь час быў на крок бліжэй да перамогі, чым ягоныя сапернікі. Аднак у апошняй серыі з шасці выстралаў задрыжала рука майстра… Ён другі, з “серабром”. Тады, у Маскве, усе хацелі для сваіх атлетаў медалёў толькі найвышэйшай пробы.

Ні на адной з папярэдніх алімпіяд не было ўстаноўлена столькі сусветных алімпійскіх рэкордаў. Як у песні: “Мы жадаем усім рэкордам нашы гучныя даць імёны!”

Кожны дзень нас чакала таксама насычаная культурная праграма: вечар сяброўства з дэлегацыяй Чэхаславакіі, наведванне Маўзалея У.І.Леніна, музеяў Крамля, павільёнаў Выстаўкі дасягненняў народнай гаспадаркі. Найбольш запомніліся опера П.І.Чайкоўскага і бессмяротная п’еса А.П.Чэхава “Чайка”, балет на лёдзе і канцэрт Крэмераў, выдатных скрыпачоў з Германіі.

Калі вярнуўся дамоў, сябры і знаёмыя нярэдка пыталіся, ці бачыў увачавідкі, як узлятаў алімпійскі Мішка. На тое адказваў без хлусні:

— Як і вы — толькі па тэлевізары.

Для берасцейцаў быў выдзелены адзін білет на закрыццё Алімпіяды. Сумленна цягнулі паперкі, мая была, на жаль, пустая. Ды не сумаваў: ужо тое, што пабываў у тыя дні ў Маскве, — надзвычайная ўдача, што выпадае (ды і то не кожнаму) раз у жыцці.

Яндекс.Метрика