ПРЕДСТАВИТЕЛЬСТВО НАЦИОНАЛЬНОГО
ОЛИМПИЙСКОГО КОМИТЕТА
РЕСПУБЛИКИ БЕЛАРУСЬ
В БРЕСТСКОЙ ОБЛАСТИ
ДНЕЙ ДО
ИГР
В Пхёнчхане
ДНЕЙ ДО
ИГР
В Токио
Дня до начала
Евроигр-2019
в Минске
Спонсоры

Судьба спортивная

"СЕЛЬСКАЯ ПРАЎДА". "Настаунік, трэнер, спартсмен"

Автор: С. Раманюк

сентябрь 2011г.

“Наш Канстанцінавіч” — так услед за педагогамі любоўна называюць вучні Ленінскай сярэдняй школы настаўніка фізкультуры Канстанціна Канстанцінавіча Адзінца. А часам з-за супадзення імя і імя па бацьку — “двойчы Канстанцін”.

Працаваць у гэтую школу ён прыйшоў у 1975-м пасля заканчэння Брэсцкага педагагічнага інстытута. Спачатку вёў урокі пачатковай ваеннай падрыхтоўкі, праз два гады стаў адначасова трэнерам у філіяле дзіцяча-юнацкай спартыўнай школы. А з 1984-га пачаў працаваць настаўнікам фізічнай культуры.

Канстанцін Канстанцінавіч — чалавек адказны, добрасумленна адносіцца да сваёй справы. Вучні бачаць у ім добрага і клапатлівага настаўніка. З такой жа павагай і сардэчнасцю ставіцца і ён да іх. Як бацька — удакладняюць звычайна калегі. Можа паўшчуваць вучняў, а калі заслужаць, дык абавязкова ён пахваліць, падбадзёрыць.

Многім здаецца, што быць настаўнікам фізкультуры проста, але гэта не так. У дзяцей розныя фізічныя здольнасці, і задача настаўніка ў тым, каб прыкмеціць магчымасці і здольнасці кожнага. Аднаго падахвоціць да “рэкордаў”, другога падтрымаць, трэцяга пераканаць, што ён здольны на большае, але лайдак. А да вучняў з паніжанымі фізічнымі здольнасцямі трэба адносіцца больш далікатна, каб не нашкодзіць іх здароўю, маральнаму стану. І дзеці заўсёды адчуваюць гэты клопат настаўніка, таму і любяць яго.

На працягу многіх гадоў, калі быў маладзейшы, Канстанцін Канстанцінавіч кожнае лета хадзіў са школьнікамі ў далёкія паходы па мясцінах баявой славы герояў Вялікай Айчыннай вайны, наогул — мясцінах, памятных сваёй гісторыяй і культурай. Многія выпускнікі Ленінскай СШ дасюль згадваюць гэтыя незабыўныя вандроўкі з начлегамі, песнямі каля вогнішча. Але тады яны зусім не думалі, што паход — гэта вялікая адказнасць дарослага за здароўе і жыццё выхаванцаў. Ім было весела, бесклапотна, а настаўнік вышэйшай педагагічнай установы быў заўсёды ўважлівы, аберагаў іх ад лішняга свавольства ці неабачлівасці.

У час працы трэнерам у філіяле ДЮСШ (пяць гадоў сумяшчаў яе з педагагічнаю працай у школе) Канстанцін Адзінец спецыялізаваўся ў валейболе. Але не толькі ў гэтым відзе мае першы спартыўны разрад. Яшчэ і ў баскетболе, футболе. Трэніраваў дзявочую футбольную каманду. Адна з сябровак гэтай каманды, Ала Сірацюк, затым паспяхова выступала ў складзе каманды Брэсцкага педінстытута, часта прымала ўдзел у матчах з футбалісткамі розных гарадоў былога Савецкага Саюза. А колішняя выпускніца Ленінскай сярэдняй школы валейбалістка Людміла Бурдзюк пераўзышла і свайго настаўніка — стала майстрам спорту, выступала ў адной з мінскіх каманд, а пасля і ў Маскве.

За сваю доўгую і плённую працу настаўнікам К.К.Адзінец падрыхтаваў сабе надзейную змену. Дзевяць выпускнікоў школы закончылі спартфак у розных вышэйшых навучальных установах Беларусі. Два выпускнікі брэсцкай вышэйшай педагагічнай установы Генадзь Данілавіч Балтрамяюк і Аляксандр Уладзіміравіч Філіманюк — працуюць настаўнікамі фізкультуры ў пасёлку Ленінскі. Яны імкнуцца быць падобнымі на свайго педагога і старэйшага калегу. Як і ён, добрасумленна робяць сваю справу, часта раяцца з ім, просяць парады. І ён ніколі ў гэтым не адмаўляе. Яму прыемна, што па слядах бацькі пайшоў сын, Сяргей Канстанцінавіч, які працуе пасля заканчэння Брэсцкага дзяржаўнага ўніверсітэта імя А.С.Пушкіна трэнерам у філіяле ДЮСШ, побач з Адзінцом-старэйшым.

Сумесная праца ўсіх настаўнікаў фізічнай культуры дае добры плён. Вучні Ленінскай школы з’яўляюцца частымі ўдзельнікамі раённых і абласных спартыўных спаборніцтваў, паказваюць высокія вынікі. Тры гады назад юныя спартсмены занялі другое месца на абласной спартакіядзе школьнікаў, пасля чаго прымалі ўдзел у тэлеконкурсе “Вас выклікае спартландыя”, які праходзіў у сталіцы нашай краіны. Неаднойчы вучні з Ленінскага пасёлка выйгравалі раённую спартакіяду, пастаянна займалі на ёй прызавыя месцы. Удала выступалі ў лёгкай атлетыцы (дарэчы, у Канстанціна Адзінца другі разрад у гэтым відзе спорту), футболе, валейболе і іншых відах.

Сёлета спаўняецца дваццаць гадоў алімпійскаму руху. У яго ўжо даўно ўключыліся юныя спартсмены Ленінскай сярэдняй школы на чале са сваімі настаўнікамі і трэнерамі. У 2009-2010 навучальным годзе адбылася першая раённая алімпійская спартакіяда. І яны яе выйгралі! Мала таго, паспяхова выступілі і на абласной спартакіядзе: занялі чацвёртае месца. Дык далейшага высокага алімпійскага настрою Канстанціну Канстанцінавічу, яго вучням і калегам!

i