ПРЕДСТАВИТЕЛЬСТВО НАЦИОНАЛЬНОГО
ОЛИМПИЙСКОГО КОМИТЕТА
РЕСПУБЛИКИ БЕЛАРУСЬ
В БРЕСТСКОЙ ОБЛАСТИ
ДНЕЙ ДО
ИГР
В Пхёнчхане
ДНЕЙ ДО
ИГР
В Токио
Дня до начала
Евроигр-2019
в Минске
Спонсоры

Судьба спортивная

"СЕЛЬСКАЯ ПРАЎДА". "Трымаліся на энтузіязме"

Аўтар: Людміла Косціна

май 2011г.

Дзень работнікаў фізічнай культуры і спорту — свята не толькі тых, хто цяпер працуе ў гэтай сферы ў раёне, але й убеленых сівізной ветэранаў Мікалая Аляксеевіча Будкевіча, Валерыя Міхайлавіча Галавейкі, Івана Раманавіча Ларыёнава, Эдуарда Пятровіча Маргевіча, Аляксея Аляксеевіча Тура і іншых. Адзін са старэйшых настаўнікаў фізічнай культуры Жабінкаўшчыны Эдуард Пятровіч Маргевіч адсвяткуе заўтра свой 75-гадовы юбілей. Напярэдадні двух гэтых знакавых падзей сустрэлася з ім і пагутарыла пра развіццё спорту ў раёне ў тыя далёкія гады, пачула яго думку наконт сённяшніх праблем у спартыўным жыцці краіны, Жабінкаўшчыны.

— Эдуард Пятровіч, успомніце, калі ласка, той час, калі вы прыехалі на жабінкаўскую зямлю, каб адраджаць фізічную культуру і спорт у нашым раёне.

— Гэта было так даўно, ажно ў 1955 годзе. Нешта ўжо забылася, але тое, што звязана з выкладаннем прадмета, памятаецца. Прыехаў я паводле размеркавання пасля заканчэння Віцебскага тэхнікума фізічнай культуры ў дзевятнаццацігадовым ўзросце. Мяне накіравалі ў Азяцкую школу, якая тады лічылася растучай, быў ужо нават дзясяты клас. А вось спартыўнага інвентару аніякага, толькі турнік у двары ўстановы. Іншага і не чакаў, пасля вайны прайшло ўсяго ж дзесяць гадоў! А мне, як спецыялісту, дарэчы, у той час выкладалі ў асноўным гэты прадмет афіцэры ў адстаўцы, так хацелася па-сапраўднаму навучаць хлопчыкаў і дзяўчынак фізічнай культуры, развіваць іх спартыўныя здольнасці. Нават і паплакацца на адсутнасць неабходнага для плённай працы не было асабліва каму ці адчуць дапамогу. У раёне ў той час акрамя мяне выкладаў фізкультуру ў першай гарадской школе яшчэ адзін спецыяліст Мікалай Сямёнавіч Федарэнка. Зразумеў, што ўласная ініцыятыўнасць, энергічнасць дапамогуць змяніць адносіны да прадмета і мець станоўчыя вынікі. Разам з вучнямі, энтузіястамі фізкультуры і спорту зрабілі стадыён, праўда, невялічкі, баскетбольную і валейбольную пляцоўкі, бегавую дарожку, скачковыя ямкі, плоскасныя збудаванні. Дзецям падабалася займацца лёгкай атлетыкай і ў хуткім часе азятчукі праявілі сябе на спаборніцтвах. Яшчэ ў нашай школе з’явіўся цір, я ж вёў таксама ваенную падрыхтоўку.

З-за сямейных абставін давялося памяняць месца работы (не было каму даглядаць маленькага сына, а ў Жабінцы жылі жончыны бацькі). Расставацца з азяцкімі хлопчыкамі і дзяўчынкамі было шкада, таму што агулам было шмат зроблена і дасягнута.

Шмат радасці было ў маім жыцці, калі я стаў працаваць у Жабінкаўскай школе-інтэрнаце, дзе ўжо была спартыўная зала. Дарэчы, першая ў раёне.

">Пэўны час працаваў дырэктарам дзіцяча-юнацкай спартыўнай школы. Памятаецца, што адчыніліся ў ёй два аддзяленні. Выхаванцамі былі вучні розных школ, веласіпедыстаў трэніраваў майстар спорту ў шашэйных гонках, чэмпіён Савецкага Саюза М.М.Дранько, а баксёраў — берасцеец У.П.Пестуховіч.

Заўважу, што ў 60-я і 70-я гады захапляліся спортам у большасці школьнікі, а працуючая моладзь не асабліва, таму я рашыў звязаць свой лёс з дзецьмі, хоць у свой час давялося ўзначальваць спорткамітэт. Да выхаду на пенсію так і працаваў з вучнямі.

— Эдуард Пятровіч, а каго са сваіх выхаванцаў вы хацелі б успомніць, як лепшых спартсменаў той пары?

— У 60-ыя гады ад настаўнікаў фізкультуры патрабавалася рыхтаваць іх у розных відах, пэўную колькасць разраднікаў, праводзіліся спаборніцтвы ў раёне, у вобласці і нават у рэспубліцы. Дарослыя трэніраваліся ў добраахвотным спартыўным таварыстве “Ураджай” і адстойвалі яго гонар. Інтэрнатаўскія вучні асабліва любілі шахматы. Міхаіл Пінда, напрыклад, быў кандыдатам у майстры спорту, Алена Міховіч мела першы разрад. Алег Рэчыца праявіў сябе ў валейболе, баскетболе, лёгкай атлетыцы. Па-сапраўднаму захапляліся фізкультурай і спортам Іван Ламанос, Генадзь Сяргей, Мікалай Блізнюк, Аляксандр Лайчук, Мікалай Грыгарук. Бокс — гэта іх хобі. Некаторыя, як Мікалай Васільевіч Грыгарук, выбралі прафесію свайго настаўніка, а ў далейшым сталі яшчэ і трэнерамі. У памяці такі факт: за год Мікалай Мікалаевіч Дранько падрыхтаваў веласіпедыстаў Анатоля Семенюка і Аляксандра Лайчука, якія выканалі нарматыў кандыдата ў майстры спорту. Сярод дзяўчат вылучалася поспехамі веласіпедыстка Ганна Санько.

— На энтузіязме трымалася спартыўнае жыццё на Жабінкаўшчыне. А што такое адметнае было зроблена ў горадзе ў тыя далёкія гады.

— Памятаю, як узначальваў раённы спорткамітэт, мы ўласнымі сіламі пабудавалі стадыён, каб мець месца для правядзення спаборніцтваў. Калі ўзняў пытанне ў кабінеце старшыні райвыканкама А.Я.Аболіна, той не знайшоўся што прапанаваць, а толькі сказаў: “Будуй”. Са старых шпалаў зрабілі слупкі, нехта даў дошак для лавачак. Склалі сцяну для трыбунаў, цэглу вазіў сам з Багуславічаў, потым адзін муляр яе склаў, пакуль яшчэ не разбурылася. Мне цяпер вельмі горка, калі псуюцца, разбураюцца спартыўныя снарады, не шануецца зробленае рукамі людзей. Эскіз гарадскога стадыёна, дарэчы, намаляваў настаўнік Міхаіл Паўлавіч Карнееў.

— Скажыце, калі ласка, асабіста вы якімі відамі спорту займаліся?

— З самых юных гадоў захапіўся ім. У сямігодку мне даводзілася дабірацца сем кіламетраў. Дык зімой ездзіў на лыжах. Любіў іграць у валейбол і баскетбол. Усё жыццё сябрую з фіззарадкай. Да 73 гадоў кожную раніцу рабіў комплекс сур’ёзных практыкаванняў. Цяпер здароўе не дазваляе моцна захапляцца, але штодня стараюся зрабіць хоць некалькі прысяданняў, ці практыкаванні рукамі.

— Што б вы хацелі сказаць сённяшняй моладзі.

— Адказна трэба займацца фізічнай культурай. Добра, што гэтую праблему імкнуцца вырашаць на дзяржаўным узроўні. Да будаўніцтва спартыўных збудаванняў трэба падыходзіць рацыянальна. Палацы спорту павінны запаўняцца аматарамі напоўніцу і прыносіць прыбытак, працаваць толькі на высокі вынік.

Люблю глядзець спартыўныя перадачы, асабліва перажываю за нашых гандбалістак.

У спартсмена прафесійнае жыццё кароткае. Каб вынікі былі цудоўныя, трэба шмат і напорыста працаваць. Трэнер павінен быць сапраўдным фанатам, каб яго выхаванец парадаваў дасягненнямі. Фізічныя практыкаванні — гэта здароўе кожнага з нас. Неяк чуў у адной з тэлеперадач, што ў Расіі толькі 10% вучняў сапраўды здаровыя. Не лепшая сітуацыя склалася ў нас. Клапаціцца пра ўласнае здароўе мы павінны самі, тады й хваробы адыдуць.

i