ПРЕДСТАВИТЕЛЬСТВО НАЦИОНАЛЬНОГО
ОЛИМПИЙСКОГО КОМИТЕТА
РЕСПУБЛИКИ БЕЛАРУСЬ
В БРЕСТСКОЙ ОБЛАСТИ
ДНЕЙ ДО
ИГР
В Пхёнчхане
ДНЕЙ ДО
ИГР
В Токио
Дня до начала
Евроигр-2019
в Минске
Спонсоры

Судьба спортивная

"САВЕЦКАЕ ПАЛЕССЕ". "В чем кроется секрет успеха"

Автор: Николай Лойко

01.03.2011г.

На нядаўна прайшоўшай у Гомелі спартакіядзе ДЮСШ і СДЮШАР Рэспублікі Беларусь па лёгкай атлетыцы сярод юнакоў і дзяўчат 1996 — 1997 гадоў нараджэння нашы спартсмены заваявалі другое агульнакаманднае месца. Адным з пераможцаў была Ірына Казмярчук з Ганцавіч. Яна першай пераадолела дыстанцыю 1500 метраў і на правах пераможцы паднялася на вышэйшую ступень п’едэстала гонару.

Старшы трэнер Валянціна Мікалаеўна Бубен радавалася за ўсю каманду. Яе выхаванцы на гэтай спартакіядзе, як гаворыцца, сабралі добры ўраджай медалёў і дыпломаў. Ірына Казмярчук яшчэ праявіла сябе ў бегу на дыстанцыю 800 метраў, на якой фінішавала другой. Дзіма Пакумейка, які выступаў на дыстанцыі 3000 метраў, абышоў многіх сапернікаў і заняў трэцяе месца. Дар’я Корзун у спартыўнай хадзе на 2 кіламетры на апошніх метрах дыстанцыі сілай духу літаральна вырвала трэцяе месца ў саперніцы. А яшчэ былі трэцяе месца Паўла Карнелюка ў спартыўнай хадзе на 2 кіламетры, чацвёртыя месцы Аляксандра Дзенісені на 2- і 3-кіламетроўцы. І заліковыя для каманды ачкі Ільі Малышкі і Кацярыны Савеня. Як не парадавацца за такіх слаўных рабят!

Для В. М. Бубен перамогі выхаванцаў складваюцца ў летапіс яе жыцця. Успамінае, што заняцца спортам яе, як і многіх аднакласнікаў, заахвоціў у школе малады настаўнік фізкультуры. Ён павёў рабят за сабой, бо не быў раўнадушным да сваіх выхаванцаў. Усім класам займаліся валейболам, лыжамі, лёгкай атлетыкай. У той час яна зведала радасць перамог, калі выступала на рэспубліканскіх спартакіядах школьнікаў і займала прызавыя месцы. Потым паступіла ў Гродна ў тэхнікум фізічнай культуры, у складзе зборнай вобласці па лёгкай атлетыцы прымала ўдзел у многіх спаборніцтвах, стала кандыдатам у майстры спорту.

На трэнерскай рабоце першыя вучні на той час былі маладзей за Валянціну Мікалаеўну ўсяго на тры-чатыры гады. Пазней выйшла замуж і пераехала працаваць з Клецкага раёна ў Ганцавічы. Сустрэла неяк адну са спартсменак, што хадзіла да яе на заняткі ў Клецку, успомнілі былое. На пытанне, чаму не прадоўжыла займацца спортам, меўшы добрыя здольнасці, пачула ў адказ крыўду дзіцячага сэрца: “Дык вы ж нас пакінулі…”.

Аб гэтай мімалётнай сустрэчы Валянціна Мікалаеўна ўспамінае і зараз. Адданасць дзяцей і падлеткаў заваяваць няпроста. Але калі яны паверылі і даверыліся трэнеру — гатовы цярпліва пераносіць усе цяжкасці і настойліва рыхтаваць сябе да саперніцтва на спартыўных арэнах. Цяпер у яе тры групы рабят. Я пацікавіўся, як у дзіцяці 9 — 10 гадоў распазнаць талент або схільнасці лёгкаатлета. Па меркаванню В. М. Бубен, спецыялісту няцяжка ўбачыць, хто што можа, на ўроках фізічнай культуры. Падказваюць, на каго варта звярнуць увагу, школьныя настаўнікі. Бывае, дзеці самі просяцца ў спартыўныя секцыі, іншых з добрымі прыроднымі данымі даводзіцца ўгаворваць, бо не заўсёды чалавек цэніць у сабе тое, што мае. Так і фарміруюцца секцыі, дзе з самых працавітых і таленавітых рабят вырастаюць будучыя чэмпіёны. Аснова іх поспехаў закладваецца трэнерамі ў спартшколах, такімі, як Валянціна Мікалаеўна Бубен. А далейшае прафесійнае сталенне праходзіць пры ўдзеле спецыялістаў больш высокага ўзроўню, якім перадаюцца для своеасаблівай шліфоўкі юныя дараванні. Летась, напрыклад, Дар’ю Корзун прынялі ў Рэспубліканскае вучылішча алімпійскага рэзерву, Павел Карнялюк працягвае вучобу і трэніроўкі ў Брэсце.

Запаветнае жаданне кожнага трэнера — убачыць сваіх выхаванцаў удзельнікамі Алімпійскіх гульняў. Мара Валянціны Мікалаеўны збылася ў 2008 годзе на Пекінскай алімпіядзе. У камандзе беларускіх лёгкаатлетаў выступалі Максім Лынша і Сняжана Юрчанка, першыя крокі якіх у вялікі спорт пачыналіся ў Ганцавіцкай СДЮШАР пад кіраўніцтвам В. М. Бубен. Імі ганарыцца не толькі Ганцаўшчына.

У чым жа сакрэт поспеху трэнера? Галоўны козыр нашай каманды, схіляюся да вываду, у энтузіязме дзяцей і трэнера, яго вопыце ды ў спартанскіх умовах для трэніровак — у зале вакол барцоўскага дывана і на сцяжынцы паўз стадыён і школу. А вынікі на зайздрасць сапернікам з усёй рэспублікі.

“За што вы цэніце свайго трэнера?” — запытаў я ў рабят, што зноў сабраліся на трэніроўку. “Яна добрая… Цярплівая… Патрабавальная…” — пасыпаліся наперабой ацэнкі юных спартсменаў. Першымі вырваліся галоўныя словы пра душэўнага, блізкага ім па духу чалавека, з якім яны вучацца перамагаць і адчуваюць сябе адной камандай.

i